Напярэдадні Дня беларускага пісьменства скідзельчане прачыталі верш у гонар Міхася Васілька.
Аўтар твора – член Саюза пісьменнікаў Тамара Мазур. Яна адзначыла, што Скідзельшчына – самабытны куточак беларускай зямлі з багатай і цікавай гісторыяй. Тут нарадзілася шмат таленавітых людзей. Сярод іх паэт Міхась Васілёк. Дарэчы, яго сапраўднае імя Міхаіл Восіпавіч Касцевіч.
Праз усё сваё жыццё і творчасць Міхась Васілёк пранёс непагасную любоў да свайго народа, да яго мовы, культуры, да свайго краю, да бацькоўскай зямлі. Творчасць паэта была зразумелая і дарагая людзям. Простыя вершы нараджаліся ў пакутах і нядолі, але ў іх жыве глыбокая ўпэўненасць у тым, «Што няволя міне,Прыйдзе шчасця пара залатая!»
Сёння вядомага паэта ўсхвалялі скідзельчане: дырэктар ДУА «Сярэдняя школа № 1 г. Скiдзеля iмя В. Р. Пяшко» Таццяна Казлова, старшыня Cкiдзельскага гарадскога выканаўчага камiтэта Наталля Шварц, генеральны дырэктар ААТ «Скідзельскі цукровы камбінат» Уладзімір Белавусаў, дырэктарУА «Скідзельскі дзяржаўны каледж» Сяргей Літвін, дырэктар РУП «Скідзельская жыллёва-камунальная гаспадарка» Дзмітрый Шышко.
Кожны з іх прачытаў па фрагменце верша мясцовай паэткі Тамары Мазур.
Вуліца Міхася Васілька
Многа назваў імянных у вуліц –
быццам нашай памяці рака.
І між іх усе, напэўна, чулі
вуліцу паэта Васілька.
Ёсць яна і ў Скідзелі, і ў Гродне,
каб не змоўклі мы ад забыцця.
Быў паэт з народа і народны
ад пачатку да канца жыцця.
Кнігу яго першую знішчалі,
рукапіс другі не ўбачыў свет.
Але зноў на мове паўставалі
думкі, што выношваў
наш паэт.
Таварыства беларускай
школы
на малой радзіме ён стварыў.
Вершы – быццам спадчынныя
колы
ў зборніку яго «З сялянскіх ніў».
А прыйшла фашысцкая
навала,
і замест зямнога Васілька
слова Грома шчыра даравала
Міхася Касцевіча рука.
Кіраваць падполлем
не баяўся,
людзі ж поплеч з годнасцю былі.
Васілёк у памяці застаўся,
Патрыётам роднае зямлі.
















