Было б дзіўна ўбачыць свята, прысвечанае Дню беларускага пісьменства, без выставы кніг і перыядычных выданняў. Чым зацікавілі гасцей і жыхароў Шчучына ў гэтых павільёнах?

 Перш-наперш завітаў да прадстаўнікоў рэгіянальнай, абласной, а таксама рэспубліканскай прэсы. Тут можна было пагартаць падшыўкі перыядычных выданняў, узяць свежы нумар газеты альбо атрымаць разнастайную рэкламную і сувенірную прадукцыю: календары, флажкі, магніты на лядоўню. Супрацоўнікі рэдакцый ахотна распавядалі ўсім жадаючым пра сваю прафесію і выданне, у якім працуюць. Амаль што ўсе фатаграфаваліся з прыгожай дзяўчынай у княскім адзенні, якое насілі ў ХVI-XVII стагоддзях. Яна прадстаўляла газету «Іўеўскі край» і рэгіён увогуле. Дарэчы, гэты вобраз быў выбраны не выпадкова: менавіта выяву жанчыны ў чырвоным адзенні з разгорнутай кнігай у руках можна ўбачыць на гербе Іўя.

Акрамя перыядычных выданняў, кожны жадаючы мог пазнаёміцца з мастацкімі, дакументаль-нымі, навуковымі і іншымі відамі кніг. Былі прадстаўлены таксама пераможцы разнастайных конкурсаў і прэмій. Сярод іх – кніга Сяргея Токця і Мікалая Дзелянкоўскага «Скідзель і яго ваколіцы. Жывая гісторыя», якая атрымала дыплом першай ступені на 54-м Нацыянальным конкурсе «Мастацтва кнігі-2015». Увогуле, даволі шмат выданняў было прысвечана культуры і гісторыі. Гэта падкрэсліў і намеснік прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Міхаіл Русы. Ен адзначыў, што Дзень беларускага пісьменства і Дажынкі – тыя вытокі, якія заклаў кіраўнік нашай краіны. Гэтыя два святы вельмі важныя для беларусаў, бо менавіта яны дапаўняюць адно другое, фарміруюць нацыянальны каларыт. Такія штогадовыя мерапрыемствы падкрэсліваюць тое, што мы маем выдатную культуру, мову, каларыт. І хоць гэтыя святы даволі нетанныя, трэба памятаць, што кожны рубель, які укладзены ў гісторыю, культуру, потым застанецца нашым нашчадкам. І дзякуючы гэтаму яны будуць ведаць свае вытокі.