16 жніўня 2014 года ў 12 гадзін на гарадской плошчы Свіслачы адбудзецца рэгіянальнае свята «Свіслацкі кірмаш».

Кірмашы на Свіслаччыне маюць даўнюю гісторыю і адметныя традыцыі. Упершыню Успенскі кірмаш, так ён тады называўся, адбыўся ў 1792 годзе дзякуючы тагачаснаму ўладальніку Свіслачы графу Вінцэнту Тышкевічу, пры якім мястэчка дасягнула небывалага росквіту і вядомасці.

Па свайму грашоваму абароту свіслацкі кірмаш займаў адно з першых месц у Беларусі. Ён доўжыўся месяц – з 25 жніўня  па 25 верасня. На яго прыязджалі гандляваць не толькі мясцовыя купцы, але і з далёкага замежжа. На кірмашы вялікім попытам карысталіся вырабы свіслацкіх гарбароў, карэтнікаў, сталяроў, ганчароў.

Традыцыі культурнага жыцця Свіслачы і святочныя таргі можна занесці ў скарбніцу сусветнай кірмашовай культуры. На працягу кірмашу працаваў славуты тышкевіцкі тэатр, прыязджалі прафесійныя артысты драматычных, оперных і балетных труп. Цікавасць гасцей выклікаў закладзены графам звярынец, адзіны ў акрузе.

Свіслач працягвае і адраджае кірмашовыя традыцыі. На сёлетнім кірмашы вы зможаце перанесціся ў пачатак XIX стагоддзя і адчуць дух славутага  Успенскага  кірмашу.

На пляцоўцы «Горад майстроў» Вам дазволяць самому зляпіць з гліны цудоўны гаршчок, сплесці саламянага анёла або кошык з лазы, навучыцца ткаць свіслацкія паясы.

Адчуць сябе сапраўдным беларусам дапаможа «Гульнёвая пляцоўка», дзе адбудуцца народныя гульні, забавы і атракцыёны «Прызавы слуп», «Воранаўскія гаршкі», «Гіганцкія крокі».

«Дзіцячая пляцоўка» нагадае дзіўную і чароўную краіну. Тут вы ўбачыце канцэрт дзіцячай творчасці, выступленні лялечнага тэатра, «Батлейкі», тэатра роставых лялек і цырк.  На працягу дня будуць працаваць дзіцячыя атракцыёны (горкі, батуты, машынкі, каруселі), гандлёвыя рады для дзяцей.

На пляцоўцы «Шляхецкі праменад» разгарнецца конкурс-выстава на лепшую кампазіцыю з кветак «Кветкавая феерыя» – адзін з самых яркіх момантаў свята, мяркуючы па папярэднім кірмашы.

Паслухаць  канцэрт класічнай музыкі, нарысаваць карціну з дапамогай сапраўднага мастака, навучыцца танцаваць паланэз, менуэт, мазурку, каб вечарам папасці на сапраўдны баль да Тарэзы Панятоўскай і графа Тышкевіча – усё гэта на шляхецкім падворку.

На працягу свята Вам неабходна паспець прабегчыся па мноству гандлёвых кропак, пачаставацца беларускай, літоўскай і яўрэйская ежай у старажытных карчмах «Пад лебедзем»,»Пад арлом», «Пад аленем», «Пад валом», «Пад аднарожцам». Такога вы не ўбачыце нідзе!

Завяршыць вандроўку можна, перанесшыся на супер-мега дыскатэку, напрыканцы якой самыя стойкія ўбачаць лазернае шоу.

Запрашаем усіх жадаючых.

Наведай!  Глядзі!  Удзельнічай!

Даведкі па тэлефонах: (8-01513) 3-34-82 – раённы метадычны цэнтр, 7-02-58 – раённы Дом культуры.