Дарагі падарунак 

Увогуле музей з’явіўся ў навучальнай установе ў 1965 годзе. Гэта вынік плённай пошукавай працы вучняў і настаўнікаў пры падтрымцы дырэктара, былога падпольшчыка Леаніда Жукоўскага. Спачатку называўся музеем Баявой славы.

Вучні пісалі запыты ў ваенкаматы. Сотні пісьмаў былі адпраўлены ва ўсе куткі былога Савецкага Саюза, сабраны архіўныя дакументы, фотаздымкі, успаміны родных загінуўшых, – распавядае кіраўнік музея Зінаіда Жукоўская.

У 1990 годзе быў узведзены новы будынак школы, яна стала называцца Свіслацкай. Тады з нагоды 60-годдзя Вялікай Перамогі па іныцыятыве дырэктара Генрыха Шумскага на аснове Музея баявой славы быў адкрыты краязнаўчы. Сімвалічна, што чырвоную стужку пераразаў ветэран Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Жучко. Экспазіцыя складалася з раздзелаў “Гісторыя вёскі Свіслач”, “Ваенная гісторыя вёскі”, “Ветэраны – нашы землякі”, “Гісторыя саўгаса”, “Нашы знакамітыя землякі”, “Гісторыя Свіслацкай школы”, “Афганістан баліць у маёй душы”, і быў створаны куток этнаграфіі. Ён увесь час папаўняўся рознымі экспанатамі: з’явіліся серп, кола ад павозкі, дэталі кроснаў, пранік для бялізны, прасы, маслабойкі, бразготкі для коней, калыска і іншыя. 

Музей збіраўся паступова. Колькі было праведзена сустрэч, запісана ўспамінаў, сабрана фотаздымкаў і прадметаў побыту! Настаўнікамі і вучнямі праведзена вялікая крапатлівая праца, – гаворыць Зінаіда Жукоўская. – Пры музеі быў адкрыты патрыятычны клуб “Факел”. Вучні напісалі летапіс 139-й Раслаўльскай Чырвоназнамённай ордэна Суворава стралковай дывізіі, якая вызваляла вёску ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у ліпені 1944 года. Гэта работа актывізавала дзейнасць па вывучэнню гісторыі сваёй малой радзімы ў час вайны.

З цягам часу ў школьным музеі аднавілі стэнды, дапоўнілі іх новымі экспанатамі. Па ініцыятыве дырэктара школы Алены Гідравец была праведзена чарговая рэканструкцыя. Важным напрамкам у гэты перыяд з’яўлялася пошукавая дзейнасць. За 20 гадоў музей наведалі звыш 3000 чалавек, праведзена больш за 200 экскурсій. Традыцыі, закладзеныя ў папярэднія гады, працягваюцца і сёння.

Музей – гэта падарунак для вучняў, – лічыць Зінаіда Жукоўская. – Важна, каб яны памяталі свае карані, гісторыю Радзімы, культуру і традыцыі продкаў. Для юных краяведаў яшчэ шмат работы ў музеі, такой цікавай і творчай, такой неабходнай. Музей – гэта месца, дзе захоўваецца памяць.

Сэрца і душа 

Сёлета да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў па ініцыятыве дырэктара школы Наталлі Кашэта экспазіцыя музея абнавілася. Гэта патрабавала значных намаганняў педагогаў, майстроў, фінансавых затрат. Так, макеты з інсцэніроўкамі баёў у час Вялікай Айчыннай зрабіў настаўнік фізікі Дзмітрый Сях. Настаўнік гісторыі Наталля Кулікова і вучні працавалі над тым, каб стварыць радавод Пуслоўскіх-Красінскіх. Ажыццявіць задуманае ўдалося пры фінансавай дапамозе СВК "Свіслач". 

Адкрыццё абноўленай экспазіцыі прайшло ў незвычайным фармаце. Вучні   выступілі ў ролі экскурсаводаў, пры гэтым прымерылі на сябе ролі асобаў з розных эпох. Зрыфмавала радкі Наталля Кулікова. Начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскага райвыканкама Таццяна Аксаміт адзначыла сучаснае афармленне музея, багацце экспазіцыі, незвычайную і адначасова змястоўную форму падачы інфармацыі, якая нагадвала міні-інсцэніроўку, і назвала Зінаіду Жукоўскую сэрцам і душой школьнага краязнаўчага музея. Таццяна Міхайлаўна выказала надзею на тое, што вучні праявяць яшчэ большую зацікаўленасць да гісторыі свайго краю. 

Дырэктар школы Наталля Кашэта падкрэсліла, што музей – захавальнік гістарычнай памяці, вяртанне ў мінулае, усведамленне сваіх каранёў. Адначасова гэта ўнікальная адукацыйная прастора, якая з’яўляецца месцам захоўвання культурных і гістарычных артэфактаў, магутным адукацыйным інструментам у навучанні і выхаванні вучняў.

Слова вучням


IMG_20241217_125936.jpgУладзіслаў Жамойцін, 10 клас:

– Мяне заўсёды цікавіла гісторыя Свіслачы. Таму я рэгулярна бываю ў гэтым музеі. Калі чытаў падчас экскурсіі тэкст пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, вельмі пранікся ім. Больш за ўсё мяне прыцягвае ў музеі беларуская хатка, там вельмі ўтульна і добрая атмасфера, шмат цікавых экспанатаў.











IMG_20241217_130253.jpgВікторыя ВоВк, 10 клас:

– Я адчуваю гордасць за наш музей. Столькі добрых словаў прагучала сёння, у тым ліку і ў адрас Зінаіды Іванаўны! Яна ўнесла вялікі ўклад у тое, каб захаваць гісторыю Свіслачы і гаспадаркі. Падчас экскурсіі я чытала пісьмо сяброўкі, якое атрымала мая гераіня на фронце. Вельмі праніклася яго зместам. Гісторыю ваеннага часу я ведаю дастаткова добра, бо часта ўдзельнічала ў канферэнцыях. Прывяду адзін прыклад. У гонар Паўла Сяргеевіча Садакова, які вызваляў Свіслач ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, названа адна з вуліц.









IMG_20241217_130712.jpgДзмітрый Жамойцін, 8 клас:

– Дзякуючы краязнаўчаму музею больш стаў ведаць пра гісторыю аграгарадка. Мне падабаецца яго наведваць, углядацца ў цікавыя экспанаты, якія звязаны з Вялікай Айчыннай вайной і спортам. Дарэчы, у музеі ёсць стэнд, прысвечаны земляку, алімпійскаму чэмпіёну, баскетбалісту Івану Едэшку. 











IMG_20241217_130444.jpgАрына Ельяшэвіч, 8 клас:

– Падчас экскурсіі я выконвала роль Марты Красінскай, гэтаму вельмі рада, бо з цікавасцю вывучала яе лёс. Я часта наведваюся ў музей. Больш за ўсё мне падабаюцца экспазіцыі, прысвечаная воінам, якія змагаліся ў Афганістане. 











IMG_20241217_130109.jpgІлья Саўчык, 5 клас:

– Дзякуючы экспазіцыі музея я даведаўся больш пра род Пуслоўскіх. Ён такі вялікі! Падчас экскурсіі я расказваў пра гісторыю нашай школы. Цікава было паглядзець на здымкі ўстановы ў розныя часы, напрыклад, на стары басейн. У музеі заўсёды звяртаю ўвагу на экспанаты, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной. 










Факты з гісторыі

1. Упершыню ў Пісцовай кнізе Гродзенскай эканоміі Свіслач упамінаецца пад 1558 годам. Раней яна пачыналася з Царскага сяла. Наконт гэтай назвы існуюць легенды. Магчыма, у часы Паўночнай вайны праплываў па Нёмане ці Свіслачы рускі цар Петр І, адсюль пайшла назва Царскае сяло. Сцвярджаюць, што гэтыя землі былі вельмі ўрадлівыя, таму людзі не галадалі. Ёсць версія, што тут быў сталовы маёнтак у часы Рэчы Паспалітай, прадукцыя якога шла на ўтрыманне каралеўскага двара.

2. Асаблівы след у гісторыі аграгарадка пакінуў род Пуслоўскіх. Аднаго з уладальнікаў Свіслачы звалі Вандалін. Маёнтак Свіслач у якасці пасага ён перадаў сваёй дачцэ Марце Красінскай. Яна большую частку часу жыла ў Варшаве, а летам наведвала Свіслач. Узводзілі трохпавярховы палац польскія майстры ў стылі мадэрн. Зараз там знаходзіцца адміністрацыя СВК. Да нашага часу захавалася грабавая алея, па якой Марта ехала ў брычцы  да  палаца. Ёсць і лесвіца, па якой яна падымалася. Старажылы ўспамінаюць, што быў ліфт, на якім падавалася ежа на верхнія пакоі. 

3. 345 салдат і афіцэраў загінула пры вызваленні Свіслачы. У брацкай магіле ляжаць воіны розных нацыянальнасцяў. Сярод іх адна жанчына – Вольга Казлова, яна была снайперам пры 609-м стралковым палку, які вызваляў Свіслач. 

4. Член Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі Леанід Піхун з Дзекалавічаў, калі мясцовасць была ў складзе панскай Польшчы, вёў падпольную і агітацыйную работу. Польская дыфензіва давала 2 тысячы злотых і карову таму, хто зловіць Леаніда. Яго выдалі польскім уладам ў Баранава. Хату, у якой знаходзіўся, акружылі. Ён адстрэльваўся, колькі мог, а апошнюю кулю пусціў сабе ў вісок. Было Леаніду усяго 26 гадоў.