Абласное свята млынара ўжо ў дванадцаты раз адбылося ў аграгарадку Адэльск. Калісь у гэтым населеным пункце і яго ваколіцах было больш дзясятка дзеючых млыноў – у асноўным ветракоў, за выключэннем аднаго воднага. Цяпер жа яны засталіся ў гісторыі. Але вядучы сельскагаспадарчы раён Гродзеншчыны і дагэтуль прыцягвае на сваю галоўную культурную імпрэзу лістапада тых, для каго збожжа – глыбінны нацыянальны сімвал, а колавы рух драўляных лапасцей нагадвае пра цыклічнасць жыцця, якую больш за ўсіх адчуваюць аграрыі.
Месца яднання
Адэльскае свята млынара – гэта не проста павага да продкаў і сваіх каранёў, а своеасаблівы культурны мосцік паміж мінулым і будучыняй Прынемання. Таму сюды запрашаюць гасцей з розных куточкаў, каб былі паўнапраўнымі ўдзельнікамі і гледачамі. Але мэта зрабіць мерапрыемства як мага больш массавым, пафасным і разрэкламаваным няма: усё мусіць развівацца натуральна. Свята год за годам набывае вядомасць, адточвае свой каларытны стыль традыцыйнага вясковага фэсту...
Тэатралізаванае шэсце распачалося каля касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Рыжы конік цокаў пад гармонік ды цягнуў воз, засцелены яскравымі дыванамі. Музыкі не шкадавалі пальцаў, гучна гралі і спявалі. Следам моладзь несла вянок і бусла з каляровымі стужкамі. А каравайніцы не толькі будзілі апэтыт салодзенька-духмяным пахам, але і падымалі настрой гасцям мілагучнымі песнямі, усмешкамі, прыгожым футрам – хоць ты на модны паказ выпускай! Красаваліся знешнім выглядам і ўдзельнікі раённага фестывалю побытавых этна-танцаў: такія розныя касцюмы, што вочы разбягаюцца. Дзякуй богу, надвор’е спрыяла. І святочная працэсія бадзёра прыйшла да Адэльскага цэнтра культуры і народнай творчасці, павіталася з гледачамі – і ай-да на пляцоўку, дзе збіраліся абраць лепшага млынара Гродзеншчыны. Вядучы пазнаёміў усіх бліжэй з трыма ўдзельнікамі конкурсу і даў тым магчымасць творча прэзентаваць сябе.
Зусім не гультай!
Першы – прыбыў з Ашмянаў, дзе на памяць аб млынарскім мінулым горада нават ёсць кафэ «Стары Млын». Міхаіл Шчучка – аптыміст і жартаўнік, таму прапанаваў жадаючым станцаваць «мельницу», каб атрымаць фірмовыя ільняныя мяшочкі з мукой. Ён лічыць, што заўсёды трэба малоць з энтузіязмам або зусім не брацца за справу, калі ж мукі ўсё роўна не хапае – неабходна проста дадаць добры настрой.
Наступны млынар быў з мястэчка Зэльва. Крэатыўны Яўген Раманчык эксперыментуе з новымі спосабамі атрымання прадукту, і яго сакрэтны інструмент – натхненне. Кажуць, што яго мука такой якасці, што любога можа прымусіць здзівіцца. А сам майстар па зерню сабраў безліч апладысментаў жартоўнай песняй. Маўляў, «хоть в душе отшельник, но вовсе не бездельник».
Ілля Шардакоў з Адэльска з лёгкасцю звязвае сваю любоў да млынарскай справы з мастацтвам слоў. Ён выкарыстоўвае новыя інавацыйныя сістэмы памолу, рэкамендуе сваю тэхніку перадавым сельскагаспадарчым прадпрыемствам Гродзенскага раёна. А на свяце – сапраўдны паэт: свае вершы і прачытаў, і праспяваў. Ды і кашулю апрануў цікавую – вышыванку з ахоўным арнаментам.
Ох, і цяжка ж пазней было журы вызначыць пераможца конкурсу! Хоць мужчын на пляцоўцы выпрабаванняў было ўсяго трое, але яны добрыя гаспадары: і бярвенне ручной пілой добра распільваюць, і мелюць хутка. Але лепшым млынаром усе прызналі Міхаіла. Срэбра дасталася Іллі, а бронза – Яўгену.
Лепшыя з лепшых
Пасля урачыстага адкрыцця свята з дэфіле каравайніц ў вялікай зале цэнтра культуры ішоў канцэрт. Мужчыны ў самым саку з народнага ансамбля песні «Уладары» Ваўкавыскага гарадскога Дома культуры спявалі шлягеры і аўтарскія песні свайго калектыва. Моладзь са сталічнага фольк-шоу «Забабоны» падымала гледачоў з месца – так ім хацелася разам пайсці ў пляс. А ўдзельнікі раённага конкурса народных побытавых танцаў завалодалі ўвагай, бо былі стараннымі ў сваім харэаграфічным батле: спрытна і лёгка кружылі польку-бабачку, лявоніху, карапет, суботу, ойру, лысага, нарэчаньку і вальс.
Паралельна з відовішчамі госці маглі ад душы пачаставацца: у файе для іх накрылі стол з традыцыйнымі адэльскімі стравамі. Вабіла да сябе бульбяная бабка. Сыр і масла на чорным хлебе таялі ў роце. Канапэ з кавалачкамі сала знікалі на вачах… А ў прасторным памяшканні побач – дэгустацыя печыва з усяе Гродзеншчыны. Можна было і паспрабаваць па кавалачку, і даведацца рэцэпты: іх ветлівыя гаспадыні размясцілі на шыльдачках, каб сакрэты пайшлі ў людзі.
Чые стравы смачнейшыя – пытанне, над якім члены журы добра паламалі галаву. Так, лепшае сучаснае печыва з мукі прыгатавала Алена Філіновіч з аг. Ціхаволя (Свіслацкі раён), традыцыйнае – Святлана Салмановіч з аг. Пагародна (Воранаўскі раён). У намінацыі традыцыйнага хлеба хатняй выпечкі перамагла Кацярына Зінкевіч з в. Сялец (Смаргонскі раён). Сярод прызёраў – жыхаркі Гродзенскага раёна Таццяна Якубецкая з аг. Квасоўка і Марына Баран з г.п. Сапоцкін. Таксама за ўдзел падзякавалі гаспадыням з Ашмянскага, Зэльвенскага, Бераставіцкага і Шчучынскага раёнаў.
Хатняя атмасфера
Начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена КЛІМОВІЧ:
– Адэльская цудоўная зямля багата на традыцыі і, галоўнае, на людзей, якія любяць свой край, праслаўляюць яго штодзённай працай і добрымі справамі. У чарговы раз я адзначыла для сябе, што Гродзенскі раён робіць вялікі ўклад не толькі ў рэкордныя ўраджаі нашай вобласці, але і ў культуру Прынёмання. І мне хочацца падзякаваць мясцовым жыхарам за тое, што яны пільна зберагаюць спадчыну – народнаму майстру Беларусі па вырабе драўляных музычных інструментаў Мар’яну Скрамблевічу, адэльскай заснавальніцы тэхнікі падвойнага ткацтва Ядвізе Райскай. Шануюць у краіне і адэльскую кухню. Канешне, мне прыемна бываць на свяце млынароў, таму што яно ўтульнае, свойскае, хатняе, сямейнае – такое, якім яго з самага пачатку і планавалі мясцовыя людзі.
Старшыня Адэльскага сельвыканкама Уладзімір ТРУТНЕЎ:
– Свята млынароў – гэта па сутнасці свята працы і хлеба, моцных адэльскіх сем’яў і цэлых творчых дынастый. Нездарма кажуць, што хлеб – усяму галава. Для нас гэта сімвал слаўных традыцый, вясковага міру, суседскага дабра, любові да бліжняга і смачных страваў на стале (дзе ёсць духмяная луста, там не будзе пуста). На нашым мерапрыемстве госці і удзельнікі атрымліваюць запал добрага настрою, а гэта, вядома, гарант здароўя і сіл, каб моладзь і дарослыя актыўна працавалі, а сталыя людзі доўга жылі, займаліся хатняй гаспадаркай і ўнукамі.
Намеснік старшыні СВК «Пагранічны» Мікалай МАКАРЧУК:
– Свята млынара адбылося ў дванадцаты раз, таму што яно патрэбна людзям і яго падтрымліваюць усе: працаўнікі культуры і мастацкія калектывы, таленавітыя мясцовыя аматары, каравайніцы, млынары і прадстаўнікі іншых раёнаў Гродзенскай вобласці. Для жыхароў Адэльску наша гісторыя і традыцыі – вялівае багацце. Зберажом яго – будзе жыць і аграгарадок.

















