Шчыра кажучы, не люблю пісаць матэрыялы да нейкіх знакавых падзей ці дат. Асабліва, калі цябе просяць аб гэтым, ды і відаць, што і самім няёмка ад просьбы. Не раз заўважаў, што і радкі тады складаюцца цяжка, як казённыя бярвенні на чужбіне. Ды і нейкія яны штучныя. Радок такі нагадвае ў клетцы народжанае хворае птушаня. Пашкадуе яго чытач і не больш.

А мы яшчэ часам крыўдзімся на тых, каму нясём на суд сваё слова, а яны на яго не звяртаюць увагі. І ўжо здаўна спрабуем патыкаць распаўсюджаным дурным густам. Заглядваем у рот чытачу і кормім яго сім-тым смачненькім, што яму яшчэ да спадобы. Здаецца, якое гэта мае дачыненне да мовы: размаўляй ці пішы хоць па-турэцку, калі слова тваё кранае. Ды не, існуе нейкі моўны рэфлекс, дзякуючы якому чытач ці суразмоўца знаходзіць з табой не толькі слоўнікавы кантакт, але і духоўны. Першы яшчэ можна наладзіць, размаўляючы паміж сабой нават на дрэнным англійскім, другі – не атрымаецца. Карані не тыя.

Дарэчы, пра англійскі ці той жа кітайскі, да якога, як пісалі мае калегі, пацягнуліся нават вучні. Прабачце, але не веру ў тое, што пад уплывам цікавай гістарычна-культурнай спадчыны Паднябёснай загарэліся вочы ў школьнікаў, студэнтаў і яны прагнуць як мага хутчэй авалодаць кітайскай лексікай. Хутчэй за ўсё тут праглядваецца жаданне зведаць нейкі каларыт усходняй экзотыкі. Не столькі моўны, колькі модны рэфлекс спрацоўвае. Як у часы маёй маладосці захапленне індыйскімі кінастужкамі асабліва сярод дзявочай аўдыторыі. Нічога дзіўнага тут няма: нас цікавіць невядомы нам пласт традыцый, культуры, лексікі. Здзіўляла іншае: чаму мы не ўшаноўваем так, як індусы, англічане і нашы суседзі палякі, сваю гістарычную і моўную спадчыну? Больш таго, нават саромеемся размаўляць па-беларуску, быццам мова ў нас, як у паганцаў і дзікуноў, брыдкая, нялюдская.

Здаецца, мала што змянілася з тых часоў, таму што і сёння рэдкі суайчыннік адчувае натуральную патрэбу карыстацца менавіта родным словам у зносінах з людзьмі з ранку да ночы. Як знемагаючы ад смагі падарожнік перад свежымі струменямі знаёмай з дзяцінства чыстай крынічкі. Той, хто не адчувае такой прагі напіцца з яе вытокаў, хай ні сябе, ні мову не мучыць. Ёй можа авалодаць кожны, але не для кожнага яна ласкай матчынай, як і спадчына. Калі роднае выслоўе не кранае стрункі душы, не абуджае ўспамінаў, яно, як кажуць, дзеля звязкі слоў. Брынчыць, як сухая шклянка. Не яна грэе сэрца, а тое, што ў ёй.

Старая шпакоўня

Старая шпакоўня
з маўклівага дрэва,
бярозы бяздомнай,
каму ты патрэбна?
Пялёсткам маёвым,
што сыплюцца з неба,
збянтэжанай мове,
што сіліць уваскрэснуць?
Разгубленай птушцы
ў вясновы зазімак,
І той сёння, мусіць,
прытулак ты дзіўны.
У раз’юшаным свеце
якога ты госця
чакаеш, каб цешыць
у сваёй адзіноце?
Хто ўзнёс цябе ўчора,
каб сёння дзічала
старая шпакоўня
у пялёстках адчаю?