Сёння я хачу прызнацца ў любові. Найперш да сваёй прафесіі журналіста.
Бацька хацеў, каб я стала пракурорам. А мама заўсёды, нават у мае невялікія вострыя» падлеткавыя гады, усё давярала вырашаць мне самой. І таму я, нягледзячы на свае правінцыйныя комплексы («дай бог нашаму цяляці воўка спаймаці»), прыйшла ў журналістыку, хоць і даволі звілістым шляхам.
Сёлета ў чарговы раз адзначыла Дзень друку як сваё прафесійнае свята. За што я вельмі ўдзячна і сваёй мудрай маці, і свайму першаму рэдактару Арсенію Андрэевічу Сакуну, які стаў для мяне больш чым настаўнікам, і калегам, якія падхвальвалі, крытыкавалі, падказвалі, падсмейваліся – словам, вучылі жыццю і прафесіі.
З цягам часу я сама прымала на работу ці на практыку маладых людзей, якія марылі стаць журналістамі (найчасцей – дзяўчат, хлопцы чамусьці цяпер не вельмі ахвотна ідуць у гэтую некалі амаль выключна мужчынскую прафесію, і таму погляд на свет праз прызму сродкаў масавай інфармацыі становіцца, на жаль, ўсё больш «аднапалярным», жаночым). І таксама, як некалі мне, падказвала, падхвальвала, крытыкавала, аддаючы такім чынам даўгі маім колішнім прафесійным настаўнікам і жыццю. Канешне, не кожнаму тая навука ішла на карысць, ды і патрэбна яна не кожнаму, але я ўсё ж спадзявалася, што хоць нехта з маіх шматлікіх «вучняў» такім жа чынам стане вучыць іншых і тым самым будзе аддаваць свае даўгі…
У арсенале журналістаў сярод іншых падобных ёсць адно даволі зашмальцаванае пытанне, якое яны любяць задаваць сваім героям: калі б вы не сталі … , то кім бы вы сталі? Я таксама неаднойчы пыталася ў сябе аб гэтым, а часам тое ж цікавіла іншых. І, спрабуючы адказаць на яго шчыра, разумею, што мне вельмі пашанцавала ў жыцці, бо я займаюся справай, якую, як бы пафасна гэта ні гучала, вельмі люблю і якая, хоць гэтае сцвярджэнне можа падацца нясціплым, даволі прыязна ставіцца да мяне, узнагароджваючы стасункамі з людзьмі, сустрэчы з якімі становяцца лёсавызначальнымі. І якія наўрад ці адбыліся б, калі б я працавала ў іншай сферы. А ў мяне ёсць цудоўная, ні з чым непараўнальная магчымасць расказаць пра гэтых людзей усім, каб ад іх святла, розуму, сілы духу «падзарадзіліся» іншыя! За гэта я найперш і найбольш люблю сваю прафесію.
А яшчэ я люблю сваіх герояў, многія з якіх сталі маімі настаўнікамі, сябрамі ці добрымі прыяцелямі па жыцці. І нават калі мы бачымся і чуемся не вельмі часта, я ведаю, што яны ёсць, і ад усведамлення гэтага становіцца крыху лягчэй нават у тыя хвіліны, калі вельмі цяжка...
















