Восень прыходзіць ціха, амаль нячутна і незаўважна, без запрашэння і без дазволу, як нечаканы госць, што садзіцца на кухні і пачынае дзяліцца сваімі гісторыямі, нават калі ты аб гэтым яго не просіш... І мусіш слухаць, каб не падацца няветлівым. А пры магчымасці ці ў выпадку неабходнасці пачынаеш дапамагаць: словам, справай ці парадай. І вось ужо нечаканы візіт няпрошанага госця выклікае не раздражненне, а радасць: ты некаму патрэбен! Ты не адзін! Бо адзінота – гэта калі ў доме ёсць і хатні тэлефон, і мабільны, а звоніць толькі будзільнік...
Зрэшты, будзільнік ужо таксама не звоніць. Пенсіянеры любяць жартаваць: у нас калі прачнуўся – тады і ранак! А маладыя, наколькі я ведаю, найбольш зай-здросцяць менавіта гэтай акалічнасці жыцця на пенсіі: магчымасці спаць, пакуль не прачнешся.
Так, сапраўды, цяпер нарэшце можна выспацца! Толькі чамусьці не спіцца, асабліва доўгімі асеннімі начамі... І пачытаць любімую кнігу. Вось толькі вочы хутка стамляюцца... Ды і бібліятэкі, хатняя і раённая, ўжо перачытаныя, а цэны на новыя кнігі кусаюцца. Можна пагля-дзець серыял... Толькі хутка надакучаюць гэтыя «мыльныя оперы». Дзеці занятыя сваімі справамі, унукі падраслі і ім цікавей бавіць час з равеснікамі, чым з бабулямі-дзядулямі... Агарод, у каго ён ёсць, ужо спарадкаваны...
Дык што, час тушыць святло і купляць белыя тапкі?
А можа, ранавата? Паспрабуйце раза-браць фотаархіў, да якога ўвесь час не даходзілі рукі. Пазначыць, хто, дзе, калі і з кім на здымку. Думаеце, гэта нікому не патрэбна? Гэта вам толькі здаецца! Паверце майму (і не толькі майму!) вопыту: прыйдзе час, і вашым пастарэўшым дзецям і пасталеўшым унукам вельмі захочацца пра ўсё гэта даведацца.
А ці даўно вы праведвалі сястру, каляжанку, сяброўку дзяцінства ці юнацтва, з якой вы больш чым радня і, дзякаваць богу, не страцілі адна адну на доўгіх пакручастых дарогах жыцця? У вас жа цяпер водпуск бестэрміновы і можна паехаць не на дзень-два, а пакуль не перагаворыце ўсё на свеце.
Успомніце: вам жа даўно хацелася навучыцца маляваць (вышываць, вязаць, выразаць выцінанкі, плесці кошыкі і кашпо з лазы ці газетных трубачак), ды ўсё часу на гэта не ставала. Вось, цяпер можна заняцца! Хто навучыць? Дык спытайце ў «дяздзькі гугла» – ён усё ведае, усё падкажа і ўсяму навучыць.
Любіце спяваць? Калі ласка, ў хор ветэранаў! Танцаваць? У тэрытарыяльным цэнтры ёсць адна-дзве групы. І мноства іншых гурткоў па інтарэсах.
Словам, па маім глыбокім пераканні, пенсія – гэта не апошні круг жыцця перад фінішнай прамой, а старт новых магчымасцей у любой галіне і напрамку! Пакуль яшчэ ногі ходзяць, вочы бачаць, а галава варыць – скарыстайце іх! Бо заўтра можа быць позна – усё ж 60+ гэта не «ягадка ізноў»...
Пры ўмове, вядома, што вы яшчэ не стаміліся бегчы па жыцці і не жадаеце цяпер, калі з’явілася такая магчымасць, проста паляжаць на канапе.

















