Ёсць у мяне даўняя прыяцелька: некалі разам вучыліся, сябравалі, на дыскатэкі хадзілі, на спатканні бегалі. Адчаюга яна была тая яшчэ, не ў прыклад нам, баязліўкам: на любую авантуру сходу надпісвалася: ці то за руль матацыкла сесці,  ці то нырца з моста даць, ці то на трактары (пяць чалавек у кабіне «Беларуса», калі што) на танцы ў суседнюю вёску адправіцца…

А выйшла замуж – нібы падмянілі. Вадзіцельскія правы засунула куды падалей, «мінскач» свой на «прыкол паставіла», джынсы ў хлеў ды на гарод сцягала,  а каторыя лепшыя – маладзейшым каляжанкам параздавала. Куды ўжо ёй джынсы, манікюр і матацыкл? Добрапрыстойная матрона, жонка, маці і гаспадыня!

Нямала на той выбар новага ладу жыцця паўплывалі дамастроеўскія погляды мужа, які быў перакананы, што жанчына ад нараджэння павінна.  Усім, а мужу – найперш і найбольш. Прыяцелька мая мужа любіла і небеспадстаўна лічыла, што галоўны скарб у жыцці – сямейны лад ды згода. Таму без нараканняў узяла на сябе ролю «другой скрыпкі». Хоць не-не ды і скакалі ў яе вачах ранейшыя чорцікі, асабліва калі бачыла жанчыну на матацыкле ці трапляла ў вясёлую кампанію.

…Гады ідуць, бягуць, імчацца. Выраслі дзеці, пасталелі ўнукі. Не дацягнуўшы да пенсіі, памёр муж – не вытрымаў цяжару сваіх бязмежных правоў, і аднойчы жаданне выпіць столькі, колькі захачу, звяло яго на той свет. Прыяцелька яго пахавала, паплакала-пагаравала – кахала, і ўсё, што было дрэннае ў жыцці, на той момант адышло, забылася… 

Тым часам падаспеў пенсійны ўзрост. У яе на рабоце малады кіраўнік пенсіянераў не любіў, таму звольнілася, як толькі прыйшоў час Х. 

І што – спытаеце вы? А хоць бы што!

Выгнала яна з гаража матацыкл – і ён завёўся з першага разу (бо прыяцелька яго ўпотайкі ад мужа глядзела і пеставала). Асядлала свайго «коніка». Не, з маладымі байкерамі на «пакатушкі» не кінулася – так, у сваё задавальненне ездзіць: у лес грыбоў-ягад пашукаць, у суседнюю вёску да каляжанкі, на возера рыбу павудзіць (яшчэ адно юначае захапленне, якое закінула, стаўшы правільнай і добрапрыстойнай).

– Ведаеш, я толькі цяпер зразумела, што жыццё пасля выхаду на пенсію не заканчваецца, – прызналася мне ў тэлефоннай размове прыяцелька. – Я ўвогуле толькі цяпер жыць пачала! Без будзільнікаў, начальнікаў і панядзелкаў. Хачу – чытаю, хачу – на рыбалку еду ці да сяброўкі ў госці, хачу – крыжыкам вышываю. І нікому я нічога не павінна! А грошы… На мае невялікія «хацелкі» хапае, а вялікіх у мяне няма, для шчасця і таго, што ёсць, хапае.

Для чаго я гэта ўсё расказваю, спытаеце? Для таго, каб людзі, хто ўжо дасягнуў ці яшчэ толькі на подступах да гэтага самага «ўзросту Х», а таксама іх маладыя родзічы і сябры, не думалі, што на заслужаным адпачынку жыццё выходзіць на фінішную прамую і адзінае, што застаецца, – чакаць у госці дзяцей ды ўнукаў ды гартаць сямейныя альбомы. Жыццё пачынаецца тады, калі пачынаеш жыць, і няважна, адбываецца гэта ў 20 гадоў ці ў 60. 

Вядома, лепш, калі гэта адбываецца раней: можна больш паспець. Але калі па нейкай прычыне не атрымалася, то можна 
і ў сталым узросце навучыцца плаваць, атрымаць правы, намаляваць карціну ці адкрыць сваю справу. Было б жаданне!